Старажытныя Ландмарки

Ландмаркамі звычайна лічаць асноўныя законы жыцьця “рэгулярных” Вольных Муляраў і галоўныя прынцыпы іх дзейнасці, якія не падлягаюць змяненьням. Паводле Карла Х. Клаўдзі, аўтара “Кнігі Вялебнага Майстра”.Падобна таму, як Хартыя Вольнасці ўтрымлівае пералік асноўных прыроджаных правоў чалавека, якія павінна ўлічвацца ў кожным заканадаўстве, так і Ландмаркі з’яўляюцца падмуркам Вольнага Мулярства, без якога яно не магло б існаваць.

Ландмаркі доўгі час існавалі ў якасці непісанага закону. Пазней з’явіліся апублікаваныя варыянты Ландмарак, якія, аднак, розніліся паміж сабой. Сёньня адсутнічае адзінае меркаваньне пра колькасць і нават сутнасць Ландмарак. Найчасцей у якасці традыцыйных называюць 25 Ландмарак А.Макея1. На беларускай мове Ландмаркі публікуюцца ўпершыню. Некаторыя з іх суправаджаюцца каментарамі К.Клаўдзі з “Кнігі Вялебнага Майстра”.

  1. Існаваньне сакрэтных знакаў для прызнаньня Братоў.
  2. Падзел сімвалічнага масонства на тры ступені.
  3. Легенда пра Хірама (легенда 3°).
  4. Брацтвам кіруе старшынствуючы службовец, якога называюць Вялікім Майстрам2.
  5. Вялікі Майстар мае права кіраваць любым паседжаннем Брацтва, калі б і дзе б яно не адбывалася.
  6. Вялікі Майстар мае права прысвячаць у новыя ступені.
  7. Вялікі Майстар мае права даваць дазвол на адкрыццё Ложы і правядзеньне працаў.
  8. Вялікі Майстар мае права праводзіць пасвячэньне без выкананьня звычайнай працэдуры.
  9. Вольныя муляры павінны збірацца ў Ложах3.
  10. Калі Браты збіраюцца ў Ложы, імі павінен кіраваць Майстар і два Дазорцы4.
  11. У час схода Ложа павінна належным чынам ахоўвацца5.
  12. Кожны вольны муляр мае права прадстаўляць Ложу на ўсіх агульных сходах Брацтва і адпаведным чынам інструктаваць іншых прадстаўнікоў.
  13. Кожны вольны муляр мае права падаваць апеляцыю на рашэньне Братоў у Вялікую Ложу або ва Усеагульную Асамблею вольнамулярства.
  14. Кожны вольны муляр мае права наведваць Ложы і прысутнічаць на сходах любой рэгулярнай Ложы.
  15. Ніякі невядомы наведвальнік не мае права ўваходзіць у Ложу, пакуль не адбудзецца допыт у адпаведнасці са старажытнымі традыцыямі.
  16. Ніякая Ложа не мае права ўмешвацца ва ўнутраныя справы іншай Ложы ці прысвойваць ступені сябрам іншых Ложаў.
  17. Кожны вольны муляр абавязаны падпарадкоўвацца законам і прынцыпам вольнамулярскай юрысдыкцыі6.
  18. Існуюць патрабаванні да кандыдатаў.
  19. Вера ў існаваньне Бога як Вялікага Дойліда Сусвету7.
  20. Вера ў адраджэньне да новага жыцця.
  21. “Кніга Закона” (адпаведна рэлігіі той краіны, дзе існуе Ложа) з’яўляецца незаменнай часткай інтэр’ера кожнай Ложы8.
  22. Роўнасць вольных муляраў 9.
  23. Таямніца арганізацыі10.
  24. Заснаваньне Спекулятыўнай Навукі на аператыўных (дзейных) пачатках і сімвалічнае выкарыстаньне і тлумачэньне тэрмінаў дадзенага рамяства для мэтаў рэлігійнага і маральнага навучаньня.
  25. Гэтыя Ландмаркі нязменныя.

Пераклад і падрыхтоўка да друку Марыяны Сакаловай і Алеся Смаленчука

1 Mackey A. Text Book of Mason Jurisprudence. – London. 1889. – P. 17-39.

2 К.Клаўдзі: “Кіраванне Брацтвам ажыццяўляецца службоўцам-старшынёю, якога называюць Вялікім Майстрам і абіраюць з ліку братоў. Многія лічаць, што выбары Вялікага Майстра вызначаюцца законам або пастановамі Вялікай Ложы. Гэта не так. Сама пасада абавязаная сваім існаваннем Ландмарке. Вялікія Майстры або персоны, якія выконвалі іх функцыі пад рознымі тытуламі, фігуруюць у памятных кнігах Брацтва задоўга да ўтварэння Вялікіх Ложаў, і калі б сучасная сістэма кіравання праз Вялікія Ложы была б зліквідаваная, Вялікі Майстар усё роўна застаўся б”.

3 К.Клаўдзі: “Неабходнасць для масонаў збірацца ў Ложы – яшчэ адна Ландмарка. Не трэба думаць, што якая-небудзь старажытная Ландмарка робіць абавязковым інстытут падпарадкаваных Ложаў, якія ўяўляе адну з асаблівасцяў сучаснай масонскай сістэмы. Ландмаркі заўсёды абавязвалі масонаў збірацца разам для правядзення аператыўных або спекулятыўных працаў, прычым такія сходы называліся Ложамі. Спачатку гэта былі імправізаваныя сустрэчы, якія склікаліся з асобнай мэтай. Пасля чаго браты разыходзіліся, каб сустрэцца ў іншы час у іншым месцы, зыходзячы з неабходнасці або абставінаў. Унутраны рэгламент Ложы, пастановы, пастаянныя службоўцы і ўлік штогадавых недапрацовак – гэта сучасныя новаўвядзенні, якія ніякім чынам не выцякаюць з Ландмарак і вызначаюцца асобнымі указамі адносна пазнейшага часу”.

4 К.Клаўдзі: “Кіраванне братамі ў Ложы ажыццяўляецца Майстрам і двумя Дазорцамі. Сход масонаў пад кіраўніцтвам кагосьці іншага […] не лічыцца Ложай. Наяўнасць Майстра і двух Дазорцаў таксама істотна для нармальнага функцыянавання Ложы, як наяўнасць гаранта канстытуцыі ў нашыя дні. Безумоўна, назвы пасадаў розняцца на розных мовах, але іх лік, паўнамоцтвы і абавязкі паўсюль тыя ж самыя”.

5 К.Клаўдзі: “Кожная Ложа пасля таго, як усе збяруцца, павінна быць зачынена – гэта важная Ландмарка Брацтва, якую нельга ігнараваць. Неабходнасць гэтай Ландмаркі выцякае з эзатэрычнага характара масонства. Абавязак ахоўваць дзверы, палохаючы шпіёнаў і выведнікаў, існуе здаўна […]”

6 К.Клаўдзі: “Ландмарка заключаецца ў тым, што кожны франкмасон адказны перад законамі і пастановамі масонскай юрысдыкцыі, якія дзейнічаюць на тэрыторыі яго пражывання, хоць ён можа і не ўваходзіць у Ложу. Няўдзельнасць у Ложы, сама па сабе зняважлівая для іншых вольных муляраў, не пазбаўляе ад падпарадкавання маоснкай юрысдыкцыі”.

7 К.Клаўдзі: “Вера ў існаванне Бога як Вялікага Дойліда Сусвету з’яўляецца з’яўляецца адной з важнейшых Ландмарак ордэна. Заўсёды як само па сабе разумелася, што адмаўленне Вярхоўнай Улады катэгарычна пазбаўляе права на пасвячэнне. У гісторыі ордэна ніколі не было, і не можа быць прыкладу, каб атэіст быў пасвечаны ў масоны. Падобнае забароняецца. Яно немажлівае ўжо ў моц самой цырымоніі ініцыяцыі ў 1°”.

8 К.Клаўдзі: “[…] Книга Закона” з’яўляецца неад’емнай часткай інтэр’ера кожнай ложы. Я знарок кажу “Книга Закона”, бо агульнае выкарыстанне Старога і Новага Запаветаў не з’яўляецца абсалютным патрабаваннем. “Кніга Закона” – гэта тое, што, як лічыцца ў адпаведнасці з рэлігіяй краіны, утрымлівае ў сабе волю Вялікага Дойліда Сусвету. Такім чынам, ва ўсіх Ложах хрысціянскіх краінаў “Кніга Закона” складаецца са старога і Новага Запаветаў; у краінах, дзе пануе іўдаізм – дастаткова толькі Старога Запавета; у мусульманскіх краінах і сярод масонаў-мусульманаў выкарыстоўваецца Каран. Масонства не спрабуе ўплываць на рэлігійныя перакананні сваіх адэптаў. Яно абмяжоўваецца выключна веры ў існаванне Бога і таго, што з гэтага непазбежна вынікае. “Кніга Закона” для спекулятыўнага масона – гэта ягоны духоўны trestle-board. Без яе ён не можа працаваць […]”

9 К.Клаўдзі: “Роўнасць зусім не адвяргае таго сацыяльнага статуса, які ўзаконены звычаямі краіны. Манарх, дваранін або джэнтльмен маюць права аказваць уплыў і карыстацца павагай адпаведна свайму стану. Дактрына масонскай роўнасці азначае, што масоны, як дзеці аднаго Вялікага Бацькі, сустракаюцца ў ложы ў якасці падарожнікаў, што рухаюцца да аднаго перадвызначанага фінала, і што ў Ложы агульныя заслугі годныя большай павагі, чым неаглядная ўласнасць, і павінны быць ушанаваныя і ўзнагароджаныя пэўным службовым ростам. Пасля заканчэння працаў у Ложы браты пакідаюць мірную адасобленасць, каб ізноў далучыцца да свету. Кожны з іх ізноў займае сацыяльнае становішча і карыстаецца прывілеямі статуса, на якія ён мае права паводле звычаяў грамадства”.

10 К.Клаўдзі: “Таямніца – наступная найважнейшая Ландмарка і неад’емны атрыбут ордэна, які суправаджае яго ад самога нараджэння […] Страціўшы таямніцу, ордэн згубіць сваю ісціннасць, і вольнaе мулярства перастане існаваць. Якраз таму, як бы не нападалі на ордэн за яго сакрэтнасць і як бы не цягнула нявопытных братоў у час выпрабавання дзеля ўласнай карысці адмовіцца ад таямніцы, гэтага ніколі не будзе […], бо такія змены азначалі б сацыяльнае самазабойства. Услед за легалізацыяй ордэна наступіла б ягоная смерць. Вольнае мулярства як тайны саюз стагоддзямі заставалася нязменным; як адкрытая абшчына яно столькі не пратрымаецца”.